Як суверэнная дзяржава Рэспубліка Беларусь мае свае дзяржаўныя сімвалы - Дзяржаўны флаг, Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн.
Пачынаючы з 1917 года ў Беларусі неаднаразова мяняліся Дзяржаўны флаг і Дзяржаўны герб. Аднак, нягледзячы на існуючыя адрозненні, усе варыянты дзяржаўнай сімволікі мелі падобную аснову, што дазваляе казаць аб іх гістарычнай пераемнасці.
Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй - чырвонага колеру ў 2/3 шырыні флага і ніжняй - зялёнага колеру ў 1/3.
Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1/9 даўжыні флага. Стаўленне шырыні сцяга да яго даўжыні - 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер.
Дзяржаўны флаг пастаянна ўзняты на будынках органаў улады і некаторых дзяржаўных устаноў, устанаўліваецца ў службовых кабінетах кіраўнікоў гэтых органаў (устаноў), у школах, на выбарчых участках, вывешваецца падчас розных урачыстых мерапрыемстваў.
Пры адначасовым узняцці або ўстанаўленні Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь і флага іншай дзяржавы Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь павінен быць узняты або ўстаноўлены з правага боку, а флаг іншай дзяржавы - з левага, калі стаць тварам да іх.
Грамадзяне могуць вывешваць Дзяржаўны флаг як унутры, так і звонку памяшканняў у час народных, працоўных, сямейных свят і ў іншыя памятныя дні. Пры гэтым абавязковай умовай з'яўляецца захаванне павагі да Дзяржаўнага флага як сімвала дзяржавы. Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, выраблены ў настольным варыянце, можа быць устаноўлены ў памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца арганізацыямі і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Больш падрабязна з тым, дзе можа размяшчацца Дзяржаўны флаг, можна азнаёміцца ў главе 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. №301-З "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь".
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Ён уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб апраўлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева - кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у падставе Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы "Рэспубліка Беларусь".
Выява Дзяржаўнага герба размяшчаецца на будынках органаў улады і шэрагу дзяржаўных устаноў, унутры службовых кабінетаў іх кіраўнікоў, а таксама на пячатках гэтых органаў, на манетах, пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь. У адрозненне ад Дзяржаўнага флага, Дзяржаўны герб мае больш афіцыйнае значэнне, таму не прадугледжваецца магчымасць яго свабоднага выкарыстання грамадзянамі. У прыватнасці, забараняецца яго размяшчэнне на візітных картках асоб, якія не з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі.
Пры адначасовым размяшчэнні Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і герба адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі або тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь павінен размяшчацца з левага боку ад іншага герба, калі стаць асобай да іх. Пры адначасовым размяшчэнні няцотнай колькасці гербаў Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь павінен размяшчацца ў цэнтры, а пры размяшчэнні цотнай колькасці гербаў (больш за два) - лявей за цэнтр.
Больш падрабязна з тым, дзе можа размяшчацца Дзяржаўны герб, і абмежаваннямі можна азнаёміцца ў главе 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. №301-З "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь".
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, які выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацоўваецца ў заканадаўстве.
Дзяржаўны гімн мае сваіх аўтараў - музыку да яго напісаў беларускі кампазітар Н.Ф.Сакалоўскі, а словы - беларускія паэты М.М.Клімковіч і В.І.Карызна.
Мы, беларусы – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Дружба народаў – сіла народаў –
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны – радасці сцяг!
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Дзяржаўны гімн выконваецца ў пачатку і ў шэрагу выпадкаў пасля заканчэння важных дзяржаўных і грамадскіх падзей, у тым ліку пры ўступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду - пасля прынясення ім Прысягі.
Грамадзяне могуць выконваць (праслухоўваць) Дзяржаўны гімн падчас народных, працоўных, сямейных свят і іншых урачыстых мерапрыемстваў пры забеспячэнні неабходнай павагі да яго.
У якасці знака выказвання павагі да Дзяржаўнага гімна пры яго афіцыйным выкананні прысутныя слухаюць яго стоячы (мужчыны - без галаўных убораў, ваеннаслужачыя, іншыя асобы, для якіх прадугледжана нашэнне форменнай вопраткі, - у адпаведнасці з заканадаўствам).
Больш падрабязна з тым, у якіх выпадках выконваецца і можа выконвацца Дзяржаўны гімн, можна азнаёміцца ў главе 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. №301-З "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь".